ПАРАГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

энергетычная ўстаноўка, у якой камбінуюцца цыклы паравых і газавых турбін. Як рабочыя целы выкарыстоўваюцца прадукты гарэння паліва і падагрэтае паветра (у газавай турбіне), пара (у паравой турбіне) або парагазавая сумесь у адной турбіне.

Найб. выкарыстанне знайшлі камбінаваныя П.ў., у якіх у камеру згарання газавай турбіны падаецца паліва (прыродны газ або мазут), якое складае 20% усяго паліва, што выкарыстоўваецца. Прайшоўшы праз газавую турбіну, прадукты згарання, якія маюць у сабе нявыкарыстаны кісларод, паступаюць у топку паравога катла, дзе спальваюцца разам з астатнім палівам. Пашыраны таксама схемы П.у. з катламі-утылізатарамі, якія не маюць уласнай топкі, а абаграюцца адыходнымі газамі турбіны. П.ў. з катламі-утылізатарамі будуюць магутнасцю да 800 МВт.

Схема парагазатурбіннай устаноўкі: 1 — кампрэсар; 2 — газавая турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — паравая турбіна; 5 — кандэнсатар; 6 — сілкавальная помпа; 7 — падагравальнік сілкавальнай вады; 8 — высоканапорны парагенератар.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)